Дасьледаваньне Белстату праводзілася цэлы год, у сем’ях дарослыя і дзеці ад 10 гадоў вялі ўлік свайго часу і рабілі справаздачы, як яны яго выкарыстоўваюць.
Як вынікае з дасьледаваньня, беларускія жанчыны і мужчыны працуюць аднолькавы час. Час на працу ў жанчын склаў 7 гадзін 20 хвілін, у мужчын — 7 гадзін 18 хвілін. Каля гадзіны на даезд да працы трацяць мужчыны, жанчыны — 50 хвілін.
Аднолькавы час жанчыны і мужчыны клапоцяцца пра сябе. Сон, яда і асабістая гігіена займаюць у жанчын 11 гадзін 35 хвілін, а ў мужчын — 11 гадзін 34 хвіліны за дзень.
Адрозьненьні пачынаюцца, калі ідзецца пра хатнія абавязкі.
У сярэднім жанчына траціць на хатнюю працу 4 гадзіны 12 хвілін, а мужчына — 2 гадзіны 26 хвілін. Найбольш часу трацяць мужчыны на «догляд хатніх гадаванцаў» (30 хвілін) і падтрыманьне парадку ў доме і каля дому (26 хвілін).
Пры гэтым мужчыны мала ўдзельнічаюць у прыгатаваньні ежы, мыцьці посуду, доглядзе за рэчамі і абуткам сямейнікаў.
«На вядзеньне хатняй гаспадаркі і догляд за сямейнікамі жанчыны ў сярэднім трацяць у 1,7 раза болей, чым мужчыны», — канстатуе Белстат.
Пры гэтым 11,4% апытаных мужчын не падалі зьвестак пра свой удзел у вядзеньні хатняй гаспадаркі.
Яшчэ болей часу траціць жанчына на хатнюю працу і клопат пра сямейнікаў, калі ў сям’і ёсьць дзіця, малодшае за 10 гадоў, — 5 гадзін 45 хвілін на дзень. Пры гэтым штодзённы ўнёсак мужчыны ў хатнія справы застаецца фактычна нязьменным — 2 гадзіны 45 хвілін.
Пры гэтым, паведамляе Белстат, навучаньнем дзяцей і іх выхаваньнем занятыя толькі 65% мужчын, якія трацяць на навучаньне дзяцей у сярэднім 4 хвіліны, а на размовы зь імі — 28 хвілін. Мама на навучаньне траціць 16 хвілін, а на размовы — 31 хвіліну.
Адпаведна ў мужчын болей вольнага часу — у будзённы дзень 4 гадзіны 43 хвіліны, а ў жанчын толькі 4 гадзіны. Большасьць гэтага часу мужчына траціць на сродкі масавай інфармацыі — 2 гадзіны 34 хвіліны, захапленьні і гульні — 32 хвіліны, пераважна гэта прагляд тэлевізіі і відэа. Кніг амаль не чытаюць. Жанчыны свой вольны час разьмяркоўваюць падобна, толькі на сродкі масавай інфармацыі трацяць 2 гадзіны 8 хвілін. Сем’і лічаныя хвіліны аддаюць заняткам спортам.
Цікава, што падобная няроўнасьць пачынаецца зь дзяцінства. Дзяўчаткі ў сярэднім вучацца 4 гадзіны 43 хвіліны, а хлопчыкі — 4 гадзіны 29 хвілін. Дзяўчаткі часьцей атрымліваюць пазашкольную адукацыю, у іх меней вольнага часу ў параўнаньні з хлопчыкамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі скарачаюцца аб’ёмы вытворчасьці, меней стала і запасаў на складах