Зьміцер Палойка расказаў Свабодзе, што яго абвінавацілі ў самавольным пакіданьні вайсковай часткі і скарацілі грашовыя выплаты, прадугледжаныя для вайскоўцаў у зоне баявых дзеяньняў.
«Пасьля лекаваньня гепатыту, зь якім мяне шпіталізавалі з „нуля“ (зь лініі фронту. — РС), мяне прызналі абмежавана прыдатным, але папрасілі выйсьці на пазыцыі, і ўжо ў сьнежні (2023 году. — РС), калі там шмат людзей хварэлі на запаленьне лёгкіх і пнэўманію, я таксама захварэў, і мяне шпіталізавалі ў Дніпры. У мяне быў асяродак у лёгкіх, дыягнаставалі сухоты і ўрэшце выдалілі частку лёгкага», — расказаў Свабодзе Зьміцер Палойка.
Пазьней у яго выявілі яшчэ захворваньні каленных суставаў і рэкамэндавалі працягнуць лячэньне. З вайсковай часткі яго накіравалі ў мэдычную роту, якая на той момант дысьлякавалася ў Дабрапольлі Данецкай вобласьці, на другой лініі абароны (паблізу лініі фронту). У мэдычнай роце яго папярэдзілі, што абсьледаваньняў трэба чакаць некалькі месяцаў, і, паводле дамоўленасьці, ён накіраваўся ў Дніпро, у месца жыхарства, для далейшага лячэньня.
«Увесь гэты час я быў на сувязі з вайсковай часткай, нікуды не ўцякаў і не атрымліваў ніякіх загадаў і распараджэньняў аб сваім месцы знаходжаньня, бо быў накіраваны ў мэдычную роту», — сказаў Зьміцер Палойка.
Паводле яго, адначасова зь лячэньнем ён спрабаваў перавесьціся ў іншыя часткі, бо стан здароўя, пацьверджаны высновамі лекараў, ужо не дазваляў яму паўнавартасна служыць і знаходзіцца на фронце.
«Я спрабаваў перавесьціся ў супрацьпаветраную абарону, але мне адмовілі акурат праз стан здароўя пасьля перанесеных сухотаў, потым — у тэрытарыяльны цэнтар камплектаваньня і сацыяльнай падтрымкі (ТЦК выконваюць ва Ўкраіне функцыі вайсковых камісарыятаў. — РС). І калі ўжо ўзгаднілі мой перавод у іншую вайсковую частку, высьветлілася, што мне прыпісалі самавольнае пакіданьне вайсковай часткі. У выніку і перавод скасавалі», — паведаміў Зьміцер.
Цяпер ён у Краматорску, у месцы распараджэньня камандзіра вайсковай часткі. Ад знаку «Краматорск» на ўезьдзе ў горад да лініі фронту менш чым 16 кілямэтраў. Гэтую адлегласьць у сучасных рэаліях вайны FPV-дрон пераадольвае за 10 хвілін.
У вайсковай частцы налічылі 12 дзён «уцёкаў» Палойкі
У загадзе ад 31 кастрычніка 2025 году камандзіра вайсковай часткі, у якой служыць Зьміцер Палойка, сапраўды адзначаецца, што сяржанта, наводчыка танкавага ўзводу Зьмітра Палойку прызналі такім, што «самавольна пакінуў вайсковую частку», і на гэтай падставе яму прыпынілі выплату грашовага забесьпячэньня і зьнялі «зь іншых відаў забесьпячэньня з дня самавольнага пакіданьня вайсковай часткі 31 кастрычніка».
Калі Зьміцер у пачатку лістапада вярнуўся ў Краматорск і зноў зьвярнуўся з адпаведным рапартам, яму адказалі, што службовае расьсьледаваньне было прызначана 7 лістапада, а ўжо 11 лістапада прызналі, што ён вярнуўся на службу пасьля «ўцёкаў», і мусілі аднавіць усе выплаты. Але гэтага не адбылося.
За апошнія два месяцы яму выплацілі меншы заробак, зьнялі з харчовага забесьпячэньня, якое аднавілі толькі пасьля пераводу ў роту рэзэрву ў пачатку сьнежня.
Зьміцер Палойка дадаў, што для пацьвярджэньня абвінавачаньняў у самавольным пакіданьні вайсковай часткі павінна спачатку прайсьці ўнутранае расьсьледаваньне.
«Яго сфальсыфікавалі, і я хачу, каб праваахоўныя органы праверылі, як яго праводзілі», — адзначыў ён.
Свабода зьвярнулася па камэнтар гэтай сытуацыі да Ўпаўнаважанай прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў Вольгі Рашацілавай.
«Я не магу пракамэнтаваць без папярэдняй праверкі», — напісала яна ў адказ на пытаньне Свабоды ў сацыяльных сетках.
Вольга Рашацілава параіла журналісту зьвярнуцца з афіцыйным запытам, а Зьмітру — накіраваць скаргу на імя Ўпаўнаважанай прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях абароны правоў вайскоўцаў.
Пасьля публічнага звароту Зьмітра праз сацыяльныя сеткі да праваахоўных структураў і праз амаль месяц знаходжаньня ў Краматорску без забесьпячэньня яму ўрэшце выдалі накіраваньне на лекаваньне. Неўзабаве для гэтага ён плянуе выехаць з франтавога Краматорску. Цяпер ён таксама зьвярнуўся на гарачую лінію Міністэрства абароны, каб высьветліць усе абставіны сваёй справы.
Як украінскае заканадаўства трактуе самавольнае пакіданьне вайсковай часткі
Ва Ўкраіне самавольнае пакіданьне вайсковай часткі — крымінальнае злачынства. Яго адлік згодна з артыкулам 407 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны пачынаецца, калі вайсковец без паважлівых прычын не зьяўляецца на службу больш за тры дні і адсутнічае больш за месяц. Пакараньне залежыць як ад працягласьці адсутнасьці вайскоўца, так і ад месца і ад часу, у які ён гэта зрабіў. Найбольш суровае пакараньне — ва ўмовах ваеннага становішча.
За незьяўленьне на месцы службы вайскоўца, залежна ад абставінаў, могуць пакараць службай у дысцыплінарным батальёне да двух гадоў, штрафам (цяпер ад 17 тысяч да 68 тысяч грыўняў, што эквівалентна адпаведна 400 і 1610 далярам. — РС) або пазбаўленьнем волі да 10 гадоў.
Калі вайсковец праз пэўны час усё ж вяртаецца ў частку, ягоную адсутнасьць не разглядаюць як злачынства. Тое самае адбываецца і ў выпадку паважлівых прычын, сярод якіх юрысты называюць аб’ектыўныя фактары, якія перашкаджаюць своечасова зьявіцца, — напрыклад, стыхійнае бедзтва, затрыманьне органамі ўлады, перапынак у руху транспарту і гэтак далей.
У выпадку кепскага стану здароўя вайсковец, якога абвінавачваюць ва «ўцёках», павінен дакумэнтальна пацьвердзіць дыягназ, у выніку якога ён больш ня можа выконваць вайсковых абавязкаў. Гэтыя дакумэнты ён абавязаны надаць падчас унутранага расьсьледаваньня.
- Беларус Зьміцер Палойка ў 2020 годзе атрымаў грамадзянства Ўкраіны. Перад вайной паступіў на завочнае навучаньне ў Данецкі нацыянальны ўнівэрсытэт, на юрыдычны факультэт. Жанаты, мае дачку, якой яшчэ ня споўнілася і паўгоду.
- Удзельнічаў у баях на найбольш складаных кірунках у Данецкай, Харкаўскай і Луганскай вобласьцях.
- Беларускі КДБ дагэтуль лічыць яго грамадзянінам Беларусі. Зьміцер Палойка фігураваў у справе Мікалая Аўтуховіча. Паводле КДБ, зь ім Аўтуховіч нібыта абмяркоўваў набыцьцё зброі на тэрыторыі Ўкраіны «для правядзеньня акту тэрарызму ў Беларусі».
- З падачы КДБ Беларусі Зьмітра Палойку ўключылі ў базу вышуку расейскага МУС.
Форум