Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Літвы рыхтуецца да абвяшчэньня экстрэмальнай сытуацыі праз балёны зь Беларусі. Што яна значыць?

абноўлена

Кіраўніца ўраду Літвы Інга Ругінене
Кіраўніца ўраду Літвы Інга Ругінене

Прэм’ерка Літвы Інга Ругінене заявіла, што экстрэмальную сытуацыю праз балёны з кантрабандай абвесьцяць на наступным тыдні.

Урад Літвы на наступным тыдні абвесьціць экстрэмальную сытуацыю ў сувязі з пагрозай цывільнай бясьпецы, якую нясуць кантрабандысцкія паветраныя балёны зь Беларусі, заявіла прэмʼерка Інга Ругінене.

«Каб аблегчыць працу абʼяднаных групаў, спэцыялісты прыйшлі да высновы, што рэжым і форма экстрэмальнай сытуацыі сёньня былі б найлепшым выйсьцем. Я прыслухоўваюся да іх думкі, таму мы абʼявім яе на наступным тыдні. Калі сытуацыя зьменіцца, мы не выключаем магчымасьці ісьці глыбей», — сказала ў пятніцу 5 сьнежня Інга Ругінене, якую цытуе BNS.

Цяпер урад рыхтуе для гэтага праўную базу і дакумэнты, дадала яна.

Раней пра тое, што ўрад рыхтуецца абвясьціць экстрэмальнае становішча ў сувязі з пагрозаю цывільнай бясьпецы, паведаміў BNS дарадца кіраўніцы ўраду Літвы Ігнас Альгірдас Дабраволскас.

Згодна зь літоўскім Законам аб кіраваньні крызісамі і цывільнай абароне, экстрэмальная сытуацыя дзяржаўнага ўзроўню абвяшчаецца, калі наступствы экстрэмальнага інцыдэнту адпавядаюць вызначаным урадам крытэрам на тэрыторыі двух ці больш самакіраваньняў.

Акрамя таго, калі абвешчаная экстрэмальная сытуацыя на ўзроўні самакіраваньня доўжыцца больш за год або калі для ліквідацыі яе наступстваў неабходныя матэрыяльныя рэсурсы, залучаюцца сілы цывільнай абароны зь іншых самакіраваньняў.

Урад абвяшчае экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню на тэрыторыі ўсёй краіны або яе часткі.

Як паведамляла агенцтва BNS, міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч сказаў на гэтым тыдні, што сярод магчымых захадаў разглядаецца ўвод экстрэмальнай сытуацыі і што ён мерыцца абмеркаваць гэтае пытаньне з Нацыянальным цэнтрам кіраваньня крызісамі.

Прадстаўнік уладнай кааліцыі Аўрэліюс Вярыга зазначыў, што статус экстрэмальнай сытуацыі «дапамог бы актывізаваць больш інтэнсіўныя мэханізмы і разьвязаць рукі некаторым інстытуцыям».

У пятніцу 5 сьнежня прэм’ерка Літвы Інга Ругінене правяла кансультацыі з кіраўнікамі фракцыяў Сейму аб захадах для перадухіленьня парушэньня працы цывільнай авіяцыі праз прылёты паветраных балёнаў. Апазыцыйныя партыі паведамілі, што маюць свае прапановы, якія пададуць кіраўніцы ўраду.

У прыватнасьці, дэпутат Саўлюс Сквярняліс сказаў, што «можна было б разгледзець» увод экстрэмальнай сытуацыі, бо гэта палегчыла б перадухіленьне кантрабанды з дапамогай балёнаў і ўзмацніла б пакараньні за гэтую дзейнасьць.

Паводле Міністэрства ўнутраных справаў Літвы, сёлета ў паветраную прастору Літвы трапілі 599 паветраных балёнаў і 197 бесьпілётнікаў. Гэтыя атакі парушылі 320 авіярэйсаў, закранулі 47 тысяч пасажыраў і прывялі да амаль 60-гадзіннага закрыцьця аэрапортаў.

Трэцяга сьнежня ў МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі і ўручылі яму ноту пратэсту.

Прычынай сталі няспынныя гібрыдныя атакі з тэрыторыі Беларусі кантрабандысцкімі балёнамі, якія парушаюць працу Віленскага аэрапорту і пагражаюць бясьпецы цывільнай авіяцыі, а таксама блякаваньне літоўскіх грузавікоў з прычэпамі, якім улады Беларусі не дазваляюць вярнуцца назад у Літву, вынікае з паведамленьня МЗС Літвы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG